Беларуская Служба

Польскае касмічнае агенцтва стала ахвярай хакерскай атакі

02.03.2025 18:33
Дзяржаўныя службы, адказныя за кібербяспеку, выявілі несанкцыянаваны доступ да тэлекамунікацыйнай інфраструктуры Польскага касмічнага агенцтва.
Ілюстрацыйнае фотаImage by Elchinator from Pixabay/СС0

«У звязку з інцыдэнтам сістэмы, пацярпелыя ад атакі, былі абаронены. CSIRT NASK разам з CSIRT MON падтрымлівае POLSA у дзейнасці, накіраванай на аднаўленне аператыўнага функцыянавання Агенцтва», — напісаў на партале Кшыштаф Гаўкоўскі,  віцэ-прэм'ер і міністр лічбавых спраў.

Віцэ-прэм'ер запэўніў, што «вядуцца інтэнсіўныя аператыўныя мерапрыемствы па выяўленні тых, хто стаіць за кібератакай». «Дадатковую інфармацыю па гэтым пытанні апублікуем пазней», — дадаў палітык.

Сама POLSA таксама паведамляе пра атаку ў прэс-рэлізе. «У POLSA адбыўся інцыдэнт з кібербяспекай. Адпаведныя службы і ўстановы праінфармаваныя. Сітуацыя аналізуецца. У мэтах бяспекі даных пасля ўзлому сетка POLSA была неадкладна адключана ад інтэрнэту. Мы будзем трымаць вас у курсе далейшых падзей», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на партале X.

Польскае касмічнае агенцтва з'яўляецца ведамствам падкантрольным Міністэрству развіцця і тэхналогій, створанае ў 2014 годзе. Штаб-кватэра POLSA знаходзіцца ў Гданьску.

ПР/юл